Віктар Ярац нарадзіўся 23 кастрычніка 1948 года ў пасёлку Красны Мост. У гэты час бацька паэта служыў афіцэрам у Савецкай Арміі. Зімою 1955 года бацька дэмабілізаваўся з радоў арміі. Сям`я прыехала на радзіму, дзе бацькі і сталі калгаснікамі. Восенню гэтага ж года Віктар пайшоў у першы клас Заспенскай сярэдняй школы, якую закончыў у 1966 годзе. Асабліва блізкія былі такія прадметы, як геаграфія, гісторыя, астраномія, не кажучы пра літаратуру – рускую, беларускую.
Яшчэ здаючы экзамены за сярэднюю школу, як дазні і актыўны селькор раённай газеты “Дняпровец”, паэт быў запрошаны на сталую работу ў рэдакцыю. У жніўні ж гэтага года паступіў у БДУ імя Леніна на філалагічны факультэт.
На пачатку вясны 1969 года з-за любві да роднай мовы быў пераведзены ў Гомельскі педінстытут, які насіў імя легендарнага лётчыка Чкалава. Пасля яго заканчэння працаваў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўская райгазеты “Камунар”, служыў у радах СА ў Закаўказзі – у Грузіі і Азербайджане. Пасля – работа на Гомельскай студыі тэлебачання, вучоба ў аспірантуры, абарона кандыдацкай дысертацыі. Ужо больш за трыццаць гадоў звязаны з працай у гомельскім універсітэце, дзе шмат часу кіраваў літаб`яднаннем “Крыніца”.
Свой першы верш “Мой край” надрукаваў у газеце “Піянер Беларусі”, калі вучыўся ў 5 класе, за які стаў лаўрэатам літаратурнага конкурсу, артымаў дыплом і бібліятэчку кніг: раман Івана Шамякіна “У добры час” і раманы Міхася Зарэцкага “Вязьмо” і Уладзіміра Карпава “Вясеннія ліўні”. Выдаў зборнікі паэзіі: “Уваходзіны” (1976), “Добрыца” (1989), “Дняпроўскі бакен” (1992), “Беражанкі” (1998). Друкаваў свае творы ў калектыўных зборніках “натхненне”, “Універсітэт паэтычны”, “Узоры дружбы”, альманаху “Дзень паэзіі”. Перакладчык з украінскай, рускай і балгарскай паэзіі. У навуковым актыве – звыш 130 артыкулаў, рэцэнзій, тэзісаў у часопісах, энцаклапедыях, газетах, зборніках як Беларусі, так і Расіі і Украіны.
Улюбёны ў свой родны Дняпро, кнігаўку, “што кліча дзяцей за сабой”, “маленькія і вялікія травінкі роднага берага”, “чароды надрэчных бяроз”, “высокія аблокі і крыніцы з гаючай вадой”.Словы Ярца-паэта “пахнуць жытам, жывіцай баравой, усім, што жыта-перажыта – з вадой крынічнай і з лебядой-бядой”. Ён закаханы ў сваю маленькую радзіму, якой і прысвяціў самыя лепшыя свае вершы.
Анатоль Ціханавіч Сыс
(26.10.1959 – 04.05.2005)
Анатоль Ціханавіч Сыс нарадзіўся ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1959 годзе. Паэт пабачыў свет у сялянскай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей, малодшым з якіх быў Анатоль. Ён надзвычай рана ўсвядоміў сябе як творчая натура. А.Ц.Сыс вельмі любіў сваю маленькую радзіму, заўсёды з гонарам гаварыў, што яго родная хата стаіць на гарадзішчы Зарубінецкай і Мілаградскай культур (III-IV стст. да нашай эры). Свой першы верш напісаў на роднай мове ў 9 гадоў, ужо тады быў упэўнены – надыйдзе час і яго творы будуць вывучаць у школе, што і здзейснілася.
Скончыў Броненскую сярэднюю школу ў 1977 г. і аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце ў 1982 г. Адслужыў у Арміі, працаваў у рэдакцыях раенных і шматтыражных газет, на беларускім тэлебачанні. Жыў у Мінску, але заўседы меў перад вачыма родны Дняпро, на крутых берагах якога і стаіць Гарошкаў – прыстань ад жыццёвых няўдач і трагедый, дзе заўседы яго чакаў самы блізкі чалавек – маці.
Маці, Радзіма, мова – асноўныя зоркі паэзіі А.Сыса, натуры надзвычай адаронай, кіпучай, неўтаймаванай. Просты хлопец з вёскі Гарошкаў прыйшоў да славы паэта, здавалася, без асаблівага клопату, легка і натуральна. Дэбютаваў у “Гомельскай праўдзе” у 1981 годзе, а ў рэспубліканскім друку ўпершыню выступіў у часопісе “Маладосць” у 1986. У літаратуру А.Сыс увайшоў бурна і імкліва, як і належыць сапраўднаму таленту. Ужо самыя першыя публікацыі засведчылі выключную сталасць, разважлівасць, сапраўднае майстэрства.
Зборнікі “Агмень” (1988 г.), ”Пан Лес” (1989 г.), зрабілі яго вельмі папулярным творцам. Ён выдатна дыкламаваў свае вершы, паэта слухалі з заміраннем сэрца натоўпы людзей. А чытаў Сыс, як і пісаў - непаўторна. Праз хвіліну-другую ад першых прамоўленных слоў авалодваў аўдыторыяй, як маг - чарадзей. Адухоўлены твар,
бездакорная дыкцыя, вібрацыя голасу…
А зборнік “Пан Лес”, які выйшаў у 1989 годзе падкрэсліў, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны мастак са сваім уласным светаадчуваннем. Галоўная тэма гэтага зборніка - тэма Радзімы.
У 1991 годзе А.Сыс быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Анатоль Сыс валодаў вялікім творчым патэнцыялам, ён адбыўся як паэт, пра што сцвярджаў у вершы “Вечны жыд”. Сведчаннем таму і зборнік аўтара “Сыс” (2002). Ён пачынаецца з радкоў аб маці. Для паэта вобраз жанчыны і маці атаесамляецца з радзімай. Лірыка А.Сыса – не салодкае замілаванне светам. Яна перадае нам трывожны, трагедыйны стан яго душы, яго пакутлівы боль за кожнага чалавека. Зборнік стаў не толькі сапраўднай вехай у эвалюцыі аўтара, але і ўсёй беларускай паэзіі.
У канцы 2006 года ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла новая кніга вершаў А.Сыса пад назвай “Лён”. Яе можна лічыць найбольш поўным зборам спадчыны паэта, бо ў кнігу ўвайшлі і невядомыя вершы, артыкулы і інтэрв’ю. Чаму назва гэтай кніжкі “Лён”? Таго хацеў сам паэт. Тлумачыў у час аднаго інтэрв’ю: ”Мне падабаецца слова, услухайся, як гучыць. Да таго ж, лён цяжка браць, цяжка вырошчваць, цяжкая мазольная праца.
Аўтар знакамітых кніг “Агмень”, ”Пан Лес”, ”Сыс”, ”Лен”, трагічна сышоў у вечнасць у 2005 годзе. Чалавек жывы да таго, пакуль яго памятаюць. Анатоль Сыс верыў у жыццё на тым свеце, у неўміручасць душы.
Штогод пасля смерці паэта, у дзень яго нараджэння ў в. Гарошкаў адбываецца свята паэзіі. На “агмінь” да А. Сыса прыяджаюць людзі з усёй Беларусі, чытаюць вершы, спяваюць песні, прыходзяць з кветкамі на могілкі, дзе пахаваны паэт.
Сяржук Сыс (Сяргей Анатольевіч Сыс)
Сяржук Сыс (Сяргей Анатольевіч Сыс) нарадзіўся 26.01.1962 г. у в. Пракісель Рэчыцкага р-на Гомельскай вобласьці. Затым бацькі-настаўнікі пераехалі на сталае жыхарства ў вёску Заспа. Там пайшоў у сярэднюю школу, пасля якой, у 1979 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся разам з Алесем Бяляцкім, Эдуардам Акуліным, Анатолем Сысам. Пасля 2 курсаў навучання пайшоў у войска. Пасля службы ў СА працаваў у Гомелі грузчыкам, экспедытарам, таваразнаўцам. Скончыў Гомельскі кааператыўны тэхнікум у 1985 годзе.
Вучобу ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце пасля аднаўлення скончыў у 1992 годзе.
Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дабрагашчанскай сярэдняй школе на Жлобіншчыне. У 1986 годзе працаваў карэспандэнтам Жлобінскай раённай газеты “Камуніст”, з 1987 годзе на працы ў абласной газеце “Гомельская праўда”. З 2000 года працаваў у камерцыйных структурах, выдавецкіх і рэкламных агенцыях і кампаніях. Некалькі год з’яўляўся загадчыкам аддзела навінаў Гомельскага абласнога радыё. Зараз жыве і працуе ў Мінску.
Першы верш быў надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі” ў 1975 годзе. У цэнтральным друку дэбютаваў у 1986 годзе паэтычнай падборкай у часопісе “Маладосць”. Быў сябрам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Паэт, перакладчык, публіцыст, журналіст. Друкаваўся ў рэспубліканскіх і замежных выданнях; аўтар шматлікіх калектыўных зборнікаў і анталогій, а таксама кніг паэзіі “За трапяткім матыльком каханьня” (2000 г.), “Стрэмка” (2011) і «Павук» (2014). Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2008), пераможца Мінскага фестывалю аднаго верша (2009). Удзельнік IV міжнароднага фестываля «Поющие письмена» ў Цверы ў 2012 годзе.
Удзельнік і госць шматлікіх літаратурных фестываляў і аўтарскіх вечароў ва Ўкраіне: Луцк, Жытомір, Львоў, Чарнігаў, Херсон.
Творы перакладаліся на англійскую, польскую, расійскую, украінскую, літоўскую і сербскую мовы. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з кастрычніка 2010 года, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Жыве ў Мінску.
Па прычыне крымінальнага пераследу ў Беларусі з-за праваабарончай дзейнасці быў вымушаны шукаць палітычнага прытулку ва Украіне.